Ён аддаў краіне ўсё!
Дзесяць год таму, 26 верасьня 1998 года, перастала біцца сэрца Яўгенія Йванавіча Валадзько - начальніка Беларускай Чыгункі. Пад час пахаваньня па ўсёй краіне трывожна загудзелі дзясяткі лякаматываў. Так чыгуначнікі разьвітваліся з кіраўніком сталёвай магістралі, які самаахвярна аддаў усе свае сілы дзеля служэньню роднай Беларусі. Ён аддаў ёй і само жыцьцё - “хуткая” ўвязла яго з ягонага ж працоўнага кабінета.
Бег часу імклівы й няўмольны. Чалавек так устроены, што з гадамі боль страты прытупляецца або праходзіць, але ня ў выпадку з Яўгеніям Йванавічам. Усе, хто працаваў з гэтым выбітным кіраўніком, дагэтуль ня могуць прымірыцца з тым, што ўжо ніколі ня выйдзе ён на сустрач, не ўсьміхнецца сваёй мягкай бацькоўскай усьмешкай. Яго залатое сэрца заўсёды давала любоў ды цеплыню ўсім, хто ў гэтым меў патрэбу, хто гэтак жа, як і ён, быў гатоў, не шкадуючы сіл, працаваць на карысьць Беларускай Чыгункі. Хто толькі не зьвяртаўся да яго за дапамогай! За яго шырокаЙ сьпіной больш за 100 тысяч чыгуначнікаў адчувалі сябе абароненымі ды ўпэўненымі ў заўтрашнім дні.
Гэтыя радкі напісаў мой бацька (чытаць далей), былы начальнік прэс-цэнтра Беларускай Чыгункі, які добра ведаў Яўгенія Йванавіча й які вельмі захапляўся ім. Я памятаю той момант, калі хтосьці патэлефанаваў на наш хатні тэлефон, і калі бацька ўзяў слухаўку, я добра памятаю, як пабялеў ягоны твар. Гэта тэлефанавала сакратарка Яўгенія Йванавіча, якая скрозь слёзы казала майму бацьке, што Яўгенія Йванавіча ўвязла “хуткая”.


