Канфлікт на Каўказе: інфармацыйная альтэрнатыва
Праблема прызнання ці непрызнання Рэспублікай Беларусь незалежнасці дзвюх самаабвешчаных рэспублік Грузіі - Паўднёвай Асеціі і Абхазіі - працягвае ўсплываць у адносінах паміж РБ і РФ. Нягледзячы на тое, што відавочнага ціску з боку Расіі на нашу краіну ў гэтым пытанні не назіраецца, гэтую тэму раз-пораз закранаюць палітыкі як адной, так і другой дзяржавы, не дазваляючы меркаваць, што яна зусім зышла з двухбаковых адносін. Матэрыял скапіяваны з Expertby.org
Расія перыядычна нагадвае Беларусі пра саюзніцкі абавязак, старанна пераконваючы сваіх грамадзянаў, што прызнанне Беларуссю незалежнасці Абхазіі і ПА ёсць толькі пытаннем часу. Беларускія афіцыйныя асобы, у сваю чаргу, цягнуць з адказам, адсылаючы расійскіхсаюзнікаў да “свёнтага Ніколі”. Раней А. Лукашэнка казаў, што дадзеная праблема будзе разгледжана новым складам парламенту, цяпер жа сп. Ул. Андрэйчанка, абраны спікерам Палаты прадстаўнікоў, параіў расійскім таварышам спадзявацца на волю беларускага народу.
Гэта, безумоўна, ёсць справядлівым рашэннем праблемы. Калі беларускі народ будзе патрабаваць ад сваіх прадстаўнікоў прызнаць каўказскія новаўтварэнні, парламент будзе прымушаны гэта зрабіць. Калі беларусы не пажадаюць убачыць у сэпаратысцкіх рэжымах самастойныя краіны - дык так таму і быць. Але для прыняцця адэкватнага рашэння беларусам патрэбна інфармацыя, з якой, падобна, у нас праблемы.
На сённяшні момант уся інфармацыя аб канфлікце на Каўказе паступае да нас праз маскоўскія мас-медыя, якія, безумоўна, падаюць пазіцыю толькі аднаго з бакоў. Улічваючы, што расійскія смі займаюць дамінуючае месца ў беларускай інфармацыйнай прасторы, беларусам, фактычна, гвалтоўна навязваецца прарасійскі погляд. Беларускія тэлеканалы, замест таго, каб даваць хоць кроплю альтэрнатыўнай інфармацыі (сапраўды, не Крэмль жа іх фінансуе), толькі тыражуюць маскоўскую версію.
Як бы мы ні ставіліся да ўсходняга суседа, але пункт гледжання Масквы - гэта пазіцыя зацікаўленага боку, якая аніякім чынам не можа прэтэндаваць на аб’ектыўнасць. Тым больш, што расійскі бок ужо не аднойчы быў заўважаны ў перакручванні фактаў. Як тое было з трактоўкай заяваў аўтарытэтных міжнародных арганізацый і асобных палітыкаў, калі фразы выдзёргваліся з кантэксту з мэтай стварыць у чытачоў і гледачоў скажонае ўражанне аб стаўленні міжнароднай супольнасці да падзеяў жніўня 2008 г.. Больш (ці, можа, менш - у залежнасці ад кантэкста) складанай, чым гэта падаецца ў расійскі смі, з’яўляецца і праблема адносін паміж народамі, якія насяляюць Грузію. І, канешне, ані ў якім разе нельга прызнаць адэкватным той выгляд грузінскага кіраўніцтва, які малюецца Масквой.
Пры гэтым, канешне, пытанне аб прызнанні Абхазіі і ПА з’яўляецца толькі часткай значна больш шырокай праблемы, якая ўключае ў сябе і аспект адносін паміж РБ і РФ, і пошук Беларуссю свайго месца ў сістэме міжнародных адносін, і, што, на наш погляд, найбольш істотна, праблему фактычнай манаполіі Расіі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, асабліва ў сферы знешняй палітыкі. Таму, і з мэтай даць больш поўную інфармацыю аб канфлікце на Каўказе, і дзеля таго, каб беларускае грамадства мела альтэрнатыву расійскаму погляду на падзеі, мы вырашылы размесціць на сайце матэрыялы, падрыхтаваныя грузінскім бокам. Яны ўключаюць у сябе, у тым ліку, афіцыйны дакумент грузінскага МЗС, у якім пералічаны асноўныя этапы ініцыяванай Расіяй эскалацыі напруджанасці ў перыяд з 2004 па жнівень 2008 г., ключавыя моманты апошніх дзён перад пачаткам узброенага канфлікту, ход падзеяў пасля ўварвання расійскіх войкаў на грузінскую тэрыторыю.
Рэдакцыя сайту expertby.org выказвае ўдзячнасць дэпутатам парламенту Грузіі, якія перадалі нам дадзеныя матэрыялы. У далейшым мы разлічваем працягнуць разгляд тэмы канфлікту на Каўказе.
Храналогія расійскай агрэсіі супраць Грузіі
дакумент урада грузіі, 21 верасня 2008, Тбілісі
Урад Грузіі запрашае міжнародную супольнасць і журналістаў праверыць інфармацыю, пададзеную ў прыведзенай ніжэй храналогіі.
Мэта гэтага дакумента
У намаганні апраўдаць сваё ўварванне ў Грузію, Расія абвесціла, што яе сілы ўвайшлі на грузінскую тэрыторыю толькі пасля праславутага “нечаканага грузінскага нападу” на Цхінвалі.
Як робіцца відавочным з прыведзенай ніжэй храналогіі, узброеныя сілы грузінскага ўраду прасунуліся ў рэгіён Цхінвалі толькі пасля некалькіх дзён інтэнсіўнага артылерыйскага абстрэлу, які прывёў да гібелі мірных грамадзянаў у вёсках, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем, і пасля пацвярджэння таго, што буйныя расійскія наземныя сілы пачалі ўварванне ў Грузію праз Роцкі тунэль.
Гэта было кульмінацыяй месяцаў дэталёвага планавання з боку Расіі; 40,000 расійскіх войскаў у хуткім часе пачалі акупаваць Грузію ў ходзе адначасовага нападу з зямлі, паветра і мора, прадэманстраваўшы прадуманую стратэгію, якая мела мала чаго агульнага з абвешчанай Расіяй мэтай абароны яе нядаўна створаных “грамадзянаў” у Цхінвальскім рэгіёне.
Гэты дакумент арганізаваны па наступных трох раздзелах:
- Эскалацыя канфлікту з боку расіі з 2004 па жнівень 2008: Расійская палітыка ў дачыненні Грузіі ў месяцы перад уварваннем
- Ключавыя моманты: Дні перад, падчас і пасля расійскага ўварвання ў Грузію
- Дэталізаваная храналогія: дні перад, падчас і пасля расійскага ўварвання ў Грузію
1. Эскалацыя канфлікту з боку расіі з 2004 па ліпень 2008: Ключавыя моманты ў эскалацыі канфлікту з боку Расіі ў вайсковай і палітычнай сферы перад уварваннем у Грузію
- Грузінскія мірныя прапановы стала адвяргаліся Расіяй (з 2004 г. і далей): Пачынаючы з 2004 г. грузінскі ўрад стала прапаноўваў распачаць сапраўдны мірны працэс для Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Гады тупіку давялі прадстаўнікоў усіх этнічных груп насельніцтва ў абедзвюх канфліктных зонах да жабрацкага стану і пакінулі іх без якой-небудзь дзейснай абароны іхніх асноўных правоў; асабліва грузіны з’яўляліся мішэнямі пераследу на этнічнай глебе. Расійская Федэрацыя і сепаратысцкія лідэры адвяргалі ўсе мірныя ініцыятывы Грузіі, кожны раз, калі яны прапаноўваліся, нават тады, калі за імі стаяла міжнародная супольнасць. У выніку, Паўднёвая Асеція і Абхазія пераўтварыліся ў цэнтры крымінальнай дзейнасці, у тым ліку выкрадання людзей, рэкету, вытворчасці кантрафактнай прадукцыі, кантрабанды зброі і наркотыкаў. Атрымаў пацвярджэнне, па меншай меры, адзін выпадак кантрабанды (Дадатак 1).
- Расія дамагаецца шчыльнага кантролю над сепаратысцкімі ўрадамі (2005 г. і далей): У апошнія гады Масква ўсталёўвала ўсё больш моцны кантроль над сепаратысцкімі ўрадамі; з 2005 г. расійскія вайсковыя і грамадзянскія чыноўнікі, дасланыя Масквой, рэальна кіравалі Паўднёвай Асеціяй (Дадатак 2).
- Расія будуе незаконную базу побач з Цхінвалі (2006): У вясну 2006 г. расійскія ўзброеныя сілы незаконна будуюць вайсковую базу ў мястэчку Джава, якое займае стратэгічнае становішча на поўнач ад Цхінвалі. База можа змяшчаць 2,500 жаўнераў і мае значныя сховішчы паліва для танкаў і іншых бранявых машын.
- Вайсковыя/эканамічныя санкцыі, уведзеныя СНД, незаконна парушаюцца Масквой (сакавік 2008): У сакавіку Расійская Федэрацыя аднабакова - і незаконна - адыходзіць ад санкцый, уведзеных СНД у 1994 г. супраць сепаратысцкага абхазскага рэгіёну Грузіі.
- Міжнародная супальнасць асуджае ўсталяванне Расіяй афіцыйных адносін з Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй (красавік 2008): 16 красавіка Масква рэзка абвастрыла становішча, абвесціўшы аб усталяванні афіцыйных сувязяў паміж Расіяй і Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй, якія з’яўляюцца часткамі Грузіі; гэта ёсць формай фактычнай анексіі грузінскай тэрыторыі і выклікае вострае асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці, у тым ліку з боку ЕЗ, ЗША, АБСЕ ды іншых, якія заклікаюць да неадкладнага анулявання расійскага рашэння.
- Аб’яднаныя Нацыі пацвярджаюць знішчэнне Расіяй грузінскага лятальнага апарату ў паветранай прасторы Грузіі (красавік 2006): 20 красавіка расійскі рэактыўны знішчальнік збівае неўзброены грузінскі безпілотны лятальны апарат (дрон) МУС у паветранай прасторы Грузіі (побач з Ганмухуры), акт агрэсіі пацверджаны ў афіцыйных справаздачах расследаванняў, праведзеных Назіральнай місіяй Аб’яднаных Нацый у Грузіі (НМАНГ) і АБСЕ. (Дадатак 3)
- Расія узмацняе вайсковую групоўку і ўводзіць дэсантнікаў у Абхазію (травень/чэрвень 2008): У наступныя тыдні Расія працягвае аднабакова павялічваць сваю вайсковую моц у Абхазіі, не запытваючы згоды грузінскага боку, як тое патрабуе закон; сярод іншага, яна размяшчае дэсантныя падраздзяленні, што несумяшчальна з існуючым фарматам падтрымання міру.
- Расія насуперак закону уводзіць у Абхазію цяжкае ўзбраенне і наступальныя сілы (травень/чэрвень 2008): Насуперак усім пагадненням і нарматыўным актам па падтрыманні міру, Расія ўводзіць у Абхазію дадатковыя наступальныя вайсковыя сілы і цяжкае ўзбраенне, факт чаго пацверджаны НМАНГ.
- Расійскія чыгуначныя войскі накіраваны ў Абхазію для падрыхтоўкі чыгункі да ўварвання (31 траўня 2008): 31 траўня Расія дасылае ў Абхазію больш за 400 байцоў “чыгуначных войскаў” міністэрства абароны для ўзмацнення чыгуначнай інфраструктуры, неабходнай для баявых дзеянняў; гэтыя войскі не ўваходзяць у склад міратворчых падряздзяленняў.
- Па меры прасоўвання мірнага плану, расійскія правакацыі перамяшчаюцца ў Паўднёвую Асецію (ліпень 2008): У ліпені, калі высілкі Грузіі і міжнароднай супольнасці па прасоўванні мірных прапаноў па Абхазіі набіраюць ход, фокус расійскіх правакацый нечакана пераносіцца на Паўднёвую Асецію.
- Сепаратысты спрабуюць забіць лаяльнага Грузіі лідэра П. Асеціі (3 ліпеня 2008): 3 ліпеня паўднёваасецінскія сепаратысты спрабуюць забіць Дзімітрыя Санакоева, кіраўніка Часовай адміністрацыі Паўднёвай Асеціі; тры паліцэйскія паранены.
- Расія дзёрзка прызнае парушэнне грузінскай паветранай прасторы (10 ліпеня 2008): 9 ліпеня, напярэдадні візіту ў Грузію дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс, чатыры расійскіх баявых самалёты парушаюць грузінскую паветраную прастору. Хоць Расія стала парушае грузінскую паветраную прастору, Масква у першы раз прызнае, што гэта было зроблена наўмысна.
- Расія здзяйсняе буйнамаштабные вайсковыя вучэнні побач з П. Асеціяй і Абхазіяй (ліпень 2008): Расія пачынае буйнамаштабныя вайсковыя вучэнні (15 ліпеня - 2 жніўня) у непасрэднай блізкасці ад паўночнае мяжы Грузіі; яны маюць назву «Каўказ 2008». Расійскае міністэрства абароны абвяшчае, што мэтай вучэнняў, у якіх прымаюць удзел 8,000 вайскоўцаў і 700 адзінак баявой тэхнікі, з’яўляецца падрыхтоўка да “спецыяльных аперацый па прымусу да міра” у грузінскіх рэгіёнах Абхазія і Паўднёвая Асеція. Падчас вучэнняў распаўсюджваюцца антыгрузінскія ўлёткі пад загалоўкам “Ведай свайго ворага”.
- Расійскія войскі не адводзяцца (2 жніўня 2008): Расійскія войскі, якія прымалі удзел у вучэннях, не адводзяцца з раёну, дзе вучэнні праводзіліся.
- Сепаратысты адвяргаюць прапанаваны Нямеччынай план мірнага ўрэгулявання (18 ліпеня 2008): 18 ліпеня абхазскія сепаратысты адвяргаюць прапанаваны Нямеччынай план мірнага ўрэгулявання і адмаўляюцца ад удзелу ў мірных перамовах, якія павінны былі адбыцца ў Берліне.
- ЕС арганізуе мірныя перамовы, сепаратысты на іх не з’яўляюцца (22-24 ліпеня 2008): 22-24 ліпеня ЕС спрабуе правесці перамовы паміж прадстаўнікамі ўраду Грузіі і сепаратыстамі Паўднёвай Асеціі, з удзелам Расійскай Федэрацыі. Сепаратысты адмаўляюцца прыняць у іх удзел, першапачаткова на падставе нязгоды з назвай пасады міністра Якобашвілі - “міністар рэінтэграцыі.” У адказ, грузінксі ўрад прызначае сп. Якабашвілі Спецыяльным пасланнікам па вырашэнні канфлікту. Сепаратысты ізноў адмаўляюцца далучыцца да перамоваў, не пазначыўшы, на якой падставе.
- АБСЕ прапануе мірныя перамовы, сепаратысты адвяргаюць прапанову (канец ліпеня 2008): Старшыня АБСЕ, фінскі міністар замежных спраў Аляксандар Стуб, прапануе распачаць перамовы паміж паўднёваасецінскімі сепаратыстамі і грузінскім урадам у Хельсінкі на пачатку жніўня. Сепаратысты адвяргаюць гэтую прапанову.
2. Ключавыя моманты: Дні перад, падчас і пасля расійскага ўварвання ў Грузію
- 3 ліпеня: За месяц да расійскага ўварвання ў Грузію сепаратысты спрабуюць забіць Дзімітрыя Санакоева, кіраўніка Часовай адміністрацыі Паўднёвай Асеціі. Бомба з дыстанцыйным кіраваннем выбухнула ў той момант, калі картэж сп. Санакоева праязджаў паблізу. Тры паліцэйскія, якія суправаджалі сп. Санакоева, былі паранены. Сп. Санакоеў - былы сэпаратысцкі баявік і міністр абароны ў сэпаратысцкім урадзе - склаў зброю ў 2006 г. дзеля прасоўвання мірнай рэінтэграцыі рэгіёну з астатнімі часткамі краіны на ўмовах шырокай аўтаноміі. Сп. Санакоеў быў абраны дэмакратычным шляхам і кантраляваў да 50% тэрыторыі рэгіёну.
- 29 ліпеня: Упершыню з апошніх буйных сутыкненняў міліцыя сепаратыстаў пачынае весці інтэнсіўныя абстрэлы вёсак з этнічна змяшаным насельніцтвам, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем, у тым ліку тых, дзе знаходзяцца блок-пасты грузінскіх міратворцаў. Абстрэлы вядуцца з гарматаў буйнога калібру (звыш 82 мм), ужыванне якіх забаронена існуючымі дамоўленасцямі. Гэты факт афіцыйна прызнаны кіраўніком “міратворчых войскаў”, расійскім генералам Маратам Кулахметавым 4 жніўня (ён адмыслова прыгадвае абстрэл вёсак, што знаходзяцца пад грузінскім кантролем, які вёўся 1 і 2 жніўня з выкарыстаннем артылерыі буйнога калібру). Абстрэл з той жа інтэнсіўнасцю працягваецца да 7 жніўня ўключна, да ўварвання сухапутных расійскіх войскаў у Грузію.
- 1 жніўня: Грузавік-пікап, у якім ехалі шэсць афіцэраў паліцыі МУС Грузіі, падарваны дзвюмя выбуховымі прыладамі, забяспечанымі дыстанцыйным кіраваннем, на поўнач ад Цхінвалі, на дарозе Эрэдвы-Хейці, побач з анклавам, які кантралюе ўрад. Пяць паліцыянтаў былі цяжка паранены.
- 3 жніўня: Расійскія СМІ паведамляюць пра буйнамаштабную мабілізацыю дабрачынцаў на расійскім Паўночным Каўказе, а таксама друкуюць абяцанні казакаў разгарнуць наёмныя войскі ў Грузіі.
- 4 жніўня: Сепаратысты абвяшчаюць эвакуацыю цывільнага насельніцтва Цхінвалі і тых вёсак рэгіёну, якія знаходзяцца пад іх кантролем.
- 5 і 7 жніўня: Па патрабаванні прэзідэнта Саакашвілі, спецыяльны пасланнік Тэмур Якобашвілі двойчы спрабуе правесці перамовы з сепаратыстамі, але его запыты былі адхілены.
- 7 жніўня: Спецыяльны пасланнік расійскага міністэрства замежных спраў, Юрый Папоў, ня здолеў правесці папярэдне ўзгодненыя перамовы па спыненні агню, спасылаючыся на адмову з боку сепаратыстаў, у той жа час, працягваюцца абстрэлы вёсак, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем.
- Генерал Кулахметаў, пад час сустрэчы ў Цхінвалі з спецыяльным пасланнікам Якобашвілі, абвяшчае, што ён не можа ўступіць у кантакт з лідэрамі сепаратыстаў, і што расійскія “міратворцы” не могуць спыніць атак сепаратыстаў; генерал Кулахметаў дапушчае магчымасць таго, што сепаратысты вялі страляніну з пазіцый, размешчаных побач з расійскімі “міратворчымі” пастамі.
- Нягледзячы на страты сярод грузінскіх міратворцаў і цывільных асобаў, выкліканыя агнём з боку сепаратыстаў, прэзідэнт Саакашвілі аддае загад аб неадкладным спыненні агню і заклікае да перамоваў. Ён пацвярджае прапановы ўраду па наданні рэгіёну шырокай аўтаноміі ў адпаведнасці з “эўрапейскімі стандартамі”, і прапануе Расіі выступіць у ролі гаранта. Прэзідэнт Саакашвілі таксама абвяшчае безумоўную амністыю сепаратыстам, якія пагадзяцца спыніць баявыя дзеянні.
- Нягледзячы на спыненне агню, абвешчанае прэзідэнтам Саакашвілі, сепаратысты ўзмацняюць абстрэлы пастоў грузінскіх міратворцаў і вёсак, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем.
- На золку, а 3:41 і 3:52, грузінская разведка перахоплівае дзве размовы па мабільных тэлефонах паміж паўднёваасецінскімі памежнікамі, змешчанымі побач з Роцкім тунэлем.
Гэтыя перахопы дэманструюць, што значныя расійскія вайсковыя сілы, дастатковыя для таго, каб “запоўніць” Роцкі тунэль, увайшлі ў Паўднёвую Асецію прыблізна за 20 гадзін да контратакі грузінскіх войскаў. (Гл. дадатак 17).
Грузія знаёміць з перахопамі разведвальныя агенцтвы ЗША і эўрапейскіх краін. Істотна тое, што Расія не аспрэчыла сапраўднасць гэтых перахопаў, а толькі іх сутнасць. Расійскае тлумачэнне зместу гэтых размоваў звычайнай ратацыяй міратворчых войскаў ёсць хлуснёй. Згодна з мірным пагадненнем, якое дзейнічала ў той час, любая ратацыя павінна ажыццяўляцца пры дзённым святле, і ўсе бакі, якія ўдзельнічаюць у пагадненні (г.ё. грузінскі ўрад і АБСЕ), павінны за месяц да гэтага атрымаць адпаведнае паведамленне. Папярэдняя ратацыя расійскіх войскаў была праведзена ў траўні 2008 г..
Да публікацыі гэтых перахопаў, расійскі бок ні ў якім з сваіх паведамленняў (напрыклад, у ягонай версіі храналогіі падзеяў, у публічных дадзеных ці заявах) ніколі не ўзгадваў пра ратацыю, якая адбывалася 7 жніўня, і настойваў на тым, што іх войскі ўвайшлі ў рэгіён толькі каля паўдня 8 жніўня.
Сведчанні, атрыманыя з гэтых тэлефонных перамоваў, падмацоўваюцца аповедамі, у тым ліку ўспамінамі расійскіх вайскоўцаў пра падзеі 7 жніўня, а таксама заявай сепаратысцкага лідэра Абхазіі Сяргея Багапша, зробленай у той жа дзень. Гэтыя аповеды з’яўляліся як у расійскім, так і ў заходнім друку. (Гл. Дадатак 17)
У дадатак, прыблізна а 23:30 каля 150 бранемашын і армейскіх грузавікоў рэгулярнага расійскага войска ўвайшлі ў Роцкі тунэль і накіраваліся ў бок Цхінвалі. У адказ на ўвядзенне расійскіх узброеных сіл на тэрыторыю Грузіі, грузінскія войскі ўвайшлі ў зону канфлікту.
Згодна з New York Times, заходнія службы незалежным чынам выявілі, што два батальлёны 135 паўка прайшлі праз Роцкі тунэль увечары 7 жніўня ці на золку 8 жніўня. (Гл. Дадатак 17)
Расійская версія храналёгіі вайны сцвярджае, што расійскія сілы ўвайшлі на грузінскую тэрыторыю каля паўдня 8 жніўня, “пасля нечаканага грузінскага нападу.”
- 8 жніўня: Міністэрства абароны Расіі і разнастайныя высокапастаўленыя чыноўнікі абвяшчаюць, што грузінскія сілы “забілі 2,000 цывільных асобаў” у Цхінвалі.
- 11 жніўня: Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch кажа, што Расія наўмысна перабольшвае лічбу забітых у Цхінвалі, намагаючыся выклікаць у адказ забойствы этнічных грузінаў (Дадатак 4).
- 21 жніўня: Генеральная пракуратура Расіі называе значна больш нізкую лічбу забітых цывільных асобаў у Паўднёвай Асеціі - 133. Існуюць моцныя падставы лічыць, што большасць гэтых ахвяраў належылі да сепаратысцкай міліцыі, паколькі мясцовыя чыноўнікі часцяком клічуць удзельнікаў нерасійскіх фармаванняў цывільнымі асобамі (Дадаткі 5 і 6).
- 9-24 жніўня: Пасля адыходу грузінскіх узброеных сіл у бок Тбілісі, расійскія ўзброеныя сілы і ваенізаваныя фармаванні ажыццяўляюць маштабныя жорскія акцыі, у тым ліку падпалы дамоў, рабаўніцтва, крадзёж людзей, згвалтаванні і масавыя забойствы грузінскіх мірных жыхароў як у зоне канфлікту, так і за яе межамі. У зоне канфлікту ў выніку этнічных чыстак, накіраваных супраць грузінаў, былі цалкам спалены і разбураны вёскі Эрэдвы, Аўневі, Нулі, Курта, Ачабеці, Тамарашэні, Кехві, Дзісеві і г.д.. Шмат якія з гэтых падзеяў былі пацверджаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. (Дадатак 7).
3. Дэталізаваная храналогія: Дні перад, пад час і пасля расійскага ўварвання ў Грузію
28 ліпеня: Аддзелы сепаратыстаў адкрываюць агонь па аб’яднаных міратворчых сілах і групе назіральнікаў ад АБСЕ, якія рухаюцца ў накірунку вёскі Чорбаулі (Знаўрскі раён), сарваўшы, такім чынам, дзейнасць па маніторынгу.
29 ліпеня: Сепаратысты адкрываюць агонь па вёсках на поўнач ад Цхінвалі, якія знаходзяцца пад кантролем ураду. Яны вядуць агонь па групе назіральнікаў ад АБСЕ, якія накіроўваліся да вёскі Андзісі (Дадатак 18) Побач з вёскай Сарабуку з 120-мм мінамётаў і гранатамётаў вядзецца абстрэл блок-пасту грузінскіх міратворцаў.
30 ліпеня: Аўтамабіль грузінскай паліцыі абстраляны паміж вёскамі Кехві і Свэры з боку пазіцый, размешчаных у вёсцы Андзісі, якая знаходзіцца пад кантролем сепаратыстаў.
31 ліпеня: Аб’яднаная група назіральнікаў Аб’яднаных міратворчых сілаў і місіі АБСЕ назірае буйнамаштабныя фартыфікацыйныя працы, якія сепаратысты ажыццяўляюць на двух блок-пастах паміж Цхінвалі і вёскай Эргенеці.
1 жніўня: Грузавік-пікап, у якім едуць шэсць афіцэраў грузінскай паліцыі, падарваны дзвюмя выбуховымі прыладамі з дыстанцыйным кіраваннем побач з грузінскім анклавам на поўнач ад Цхінвалі. Пяць паліцыянтаў былі цяжка паранены. Пазней у той жа дзень сепаратысты адкрываюць агонь па вёсках Квемо Нікозі, Земо Нікозі, Аўневі, Эргнеці і Эрэдві, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем. Атакі таксама накіраваны супраць блок-пастоў грузінскіх міратворцаў і паліцыі. У вёсцы Нулі адзін чалавек быў паранены, некалькі будынкаў былі пашкоджаны. Пад атакай апынуўся блок-пост грузінскіх міратворцаў у Сарабукі. У вёсцы Эргнеці адзін чалавек быў паранены, і два дамы атрымалі пашкоджанні. Сепаратысты паведамлялі, што агнём, які адкрыла ў адказ грузінская паліцыя, былі забіты шэсць міліцыянтаў і 12 атрымалі раненні.
2 жніўня: Шэсць цывільных асобаў і адзін супрацоўнік МУС Грузіі паранены пасля начнога абстрэлу сепаратыстамі вёсак у зоне канфлікту, якія знаходзяцца пад грузінскім кантролем. Сепаратысты падвяргаюць моцнаму абстрэлу з буйнакаліберных мінамётаў вёскі Земо Нікозі, Квемо Нікозі, Нулі, Аўневі, Эрэдвы і Эргнеці. Адпаведныя грузінскія сілы адкрываюць агонь у адказ у мэтах самаабароны, але у хуткім часе атрымліваюць загад спыніць яго, каб не абвастраць сітуацыю.
3 жніўня: Сепаратысцкі ўрад распачынае эвакуацыю цывільнага насельніцтва з гораду Цхінвалі і тых вёсак рэгіёну, якія знаходзяцца пад кантролем сепаратыстаў. Эвакуацыя ідзе на працягу двух наступных дзён.
Расійскія смі распачынаюць маштабную прапагандысцкую кампанію, накіраваную супраць Грузіі, падтрымліваючы дабрачынцаў і міліцыянтаў, якія абараняюць сепаратыстаў Паўднёвай Асеціі. Прадстаўнікі асноўных расійскіх тэлеканалаў (г.ё. НТВ, РТР, ОРТ, РенТВ, ТВЦ і г.д.) знаходзяцца ў Цхінвалі.
Медыйныя сродкі Паўднёвай Асеціі паведамляюць аб мабілізацыі дабрачынцаў на расійскім Паўночным Каўказе.
4 жніўня: Генерал Марат Кулахметаў, кіраўнік “міратворчых сілаў,” афіцыйна прызнае абстрэл грузінскіх пазіцый незаконнымі сродкамі (буйнакалібернай артылерыяй). (Дадатак 9). Згодна з дадзенымі разведкі, атрыманымі міністэрствам унутраных спраў Грузіі, увечары 4 жніўня аддзелы сувязі і медычныя аддзелы 58-й арміі Расіі уваходзяць у Паўднёвую Асецію.
Згодна з разведкай, якую праводзіць міністэрства ўнутраных спраў Грузіі, адзінаццаць артылерыйскіх установак (2S1-”Гвоздика”), якія знаходзяцца ў распараджэнні сепаратыстаў, перамяшчаюцца з Джавы да вёсак Андзісі, Дзары і Цру побач з Цхінвалі.
5 жніўня: Па паведамленнях, 3 танкі і 2 армейскіх грузавікі з узброенымі жаўнерамі рухаюцца да вёскі Аўневі. Згодна з перахопамі тэлефонных перамоў, міністар унутраных спраў сепаратыстаў М. Міндзаеў (былы кіраўнік Генеральнага штабу міністэрства ўнутраных спраў Паўночнай Асеціі, Расія, і былы кіраўнік групы “Альфа” сіл спецыяльнага прызначэння падчас расійскай аперацыі ў Беслане) аддае загад аб масіўнай атацы на вёску Двані і яе знішчэнні (СігПер)*.
*Тут і ніжэй цытуюцца сігналы перахопу. Яны даступны па запыту.
Спецыяльны пасланнік Тэмур Якобашвілі наведвае ў зоне канфлікту Цхінвалі, сустракаецца з расійскім генералам Маратам Кулахметавым каб дамовіцца аб наступнай сустрэчы 7 жніўня дзеля разрадкі сітуацыі.
Журналіст Le Figaro, Лор Мандвіль пазней цытуе словы расійскага жаўнера ў Горы, які кажа, што расійскія войскі пачалі рух з Шалі на тэрыторыі Чачэніі, Расія, у бок Грузіі 5 жніўня.
6 жніўня: Як паведамляе мясцовае тэлебачанне, прыблізна 150 дабрачынцаў з Паўночнага Каўказу прыбываюць у Цхінвалі; міліцыянты з іншых паўночнакаўказскіх рэспублік далучаюцца да аддзелаў сепаратыстаў.
Расійскія і мясцовыя работнікі, якія працуюць на вайсковай базе ў Цхінвалі, часова распускаюцца. Як паведамляе мясцовае тэлебачанне, крамы і іншыя канторы зачынены.
Бліжэй да вечара, прыблізна а 16:00, сепаратысты адкрываюць мінамётны агонь з вёсак Праневі, Убіяці і Хетагурава па вёсках Эрэдвы, Прысі, Аўневі, Двані і Нулі, у якіх жыве этнічна змяшанае насельніцтва. Хетагурава з’яўлялася галоўнай артылерыйскай базай сепаратыстаў. Гэтая атака працягваецца прыблізна да 19:00.
Потым на працягу гадзіны назіраецца зацішша, атакі аднаўляюцца а 20:00 і працягваюцца да позняга вечара. Узброеныя сілы грузінскага ўраду адкрываюць агонь у адказ, каб абараніць мірнае насельніцтва. У выніку інтэнсіўнага перакрыжаванага агню, які працягваецца ўсю ноч, раненні атрымалі два служачых грузінскага батальлёну Аб’яднаных міратворчых сіл. Сепаратысцкі рэжым таксама абвяшчае аб некалькіх параненых з ягонага боку. Нягледзячы на гэтыя правакацыйныя, мэтанакіраваныя атакі на мірных жыхароў і грузінскія паліцэйскія і міратворчыя сілы, урад Грузіі вырашае не адкрываць у адказ агонь з цяжкай зброі, каб не абвастраць канфлікт.
7 жніўня: Прыблізна а 00:15 сепаратысты пачынаюць атакаваць вёскі Эрэдвы, Прысі і Ванаці пры дапамозе артылерыі, у тым ліку мінамётаў і гранатамётаў. Адначасова, сепаратысты атакуюць вышыні Сарабукі, дзе размешчаны грузінскія міратворцы. Падчас атакі на Сарабукі паранены тры грузінскія міратворцы. Агонь у дадзенай мясцовасці працягваецца прыблізна да 10:00.
А 3:41 і 3:52 грузінская разведка перахоплівае дзве перамовы па мабільнаму тэлефону паўднёваасецінскага памежніка па прозвішчу Гасіеў, які знаходзіцца ў Роцкага тунэля. Ягонае імя невядома. Гэтыя перахопы дэманструюць, што значныя расійскія сілы, дастатковыя для таго, каб “запоўніць” Роцкі тунэль, увайшлі ў Паўднёвую Асецію прыблізна за 20 гадзін да контратакі грузінскіх сіл. Грузінскі міністар унутраных спраў перадае інфармацыю прэзідэнту і іншым чальцам ураду. (Гл. Дадатак 17).
У ранішнім інтэрв’ю расійскаму тэлебачанню (НТВ) і навінным агенцтвам, сепаратысцкі лідэр Паўднёвай Асеціі Эдуард Какойты абвяшчае, што ў выпадку, калі грузінскі ўрад не адвядзе свае сілы з рэгіёну, ён пачне “знішчаць іх.” Грузінскія сілы, пра якія ён вядзе, - гэта міратворцы, якія на законным падмурку знаходзяцца ў зоне паўднёваасецінскага канфлікту.
Грузінскі спецыяльны пасланнік Тэмур Якобашвілі наведвае зону канфлікту 7 жніўня дзеля сустрэчы з прадстаўнікамі сепаратыстаў. У Цхінвалі ён сустракаецца з генералам Маратам Кулахметавым; Кулахметаў сцвярджае, што ён ня можа ўступіць у кантакт з лідэрам сепаратыстаў Какойты, і што расійскія міратворцы ня могуць спыніць атак сепаратыстаў. Кулахметаў дапушчае магчымасць таго, што сепаратысты вялі страляніну з пазіцый, размешчаных побач з расійскімі міратворчымі пастамі. Падчас гэтай сустрэчы, прыблізна а 16:00, генерал Кулахметаў параіў міністру Якобашвілі, каб урад Грузіі абвясціў аднабаковае спыненне агню.
Спецыяльны пасланнік расійскага міністэрства замежных спраў, Юрый Папоў, не здолеў прыехаць у Цхінвалі разам з міністрам Якабашвілі, аб чым існавала папярэдняя дамоўленасць, спаслаўшыся на пракол кола ягонага аўтамабіля, а потым і запаснога кола. Калі ён, нарэшце, дасягае Цхінвалі, Папоў сустракаецца з Какойты, пасля чаго абвяшчае, што ён не здолеў пераканаць сепаратыстаў тэрмінова распачаць перамовы з міністрам Якобашвілі (Дадатак 10).
Прыблізна а 11:00 сепаратысты аднавілі абстрэл грузінскіх вёсак Нулі, Аўневі, Ванаці з вёскі Хетагурава. Тры грузінскія вайскоўцы паранены; адпаведныя грузінскія сілы адкрываюць агонь у адказ у бок вёскі, адкуль вядзецца абстрэл (Хетагурава), забіўшы двух сепаратыстаў і двух іншых параніўшы. Прыблізна а 14:00 абстраляны, у тым ліку, з боку Хетагурава, грузінскі міратворчы блок-пост у Аўневі, пры гэтым гінуць два грузінскія міратворцы і восем мірных жыхароў. Існуе перахоп тэлефонных перамоваў сепаратысцкай міліцыі, які пацвярджае смерць грузінскіх ваенаслужачых і мірных жыхароў (СігПер)*.
Пасля забойства мірных жыхароў і грузінскіх міратворцаў, прыблізна а 14:30, грузінскі ўрад атрымлівае дадзеныя разведкі, згодна з якімі, у дадатак да папярэдняй інфармацыі, атрыманай з перахопаў, аб першым разгортванні расійскіх рэгулярных войскаў на грузінскай тэрыторыі, значныя расійскія сілы прыведзены ў стан павышанай баегатоўнасці і атрымалі загады падрыхтавацца да маршу ў накірунку грузінскай мяжы.
Прыблізна а 14:30 грузінскія сілы накіроўваюць танкі, 122-мм гаўбіцы і 203-мм самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі да адміністрацыйнай мяжы Паўднёвай Асеціі, спрабуючы ўтрымаць сепаратыстаў ад далейшых атак, а таксама для размяшчэння на пазіцыях, каб абараніць расійска-грузінскую мяжу ў выпадку, калі Расія пачне уварванне.
Прыблізна а 17:00 міністар Якобашвілі тэлефануе генералу Кулахметаву, каб праінфармаваць таго пра рашэнне ўраду Грузіі абвясціць аднабаковае спыненне агню.
Прыблізна а 17:10 грузінскія міратворцы аднабакова спынілі агонь, каб знізіць напруджанасць.
А 18:40 міністар Якобашвілі ладзіць прэсавую канферэнцыю, каб абмеркаваць вынікі ягонага візіту ў Цхінвалі, і абвяшчае рашэнне ўраду Грузіі заклікаць да і ажыццявіць аднабаковае спыненне агню.
А 19:10 у тэлевізійным звароце, прэзідэнт Саакашвілі абвяшчае аднабаковае спыненне агню і заклікае сепаратыстаў прытрымлівацца яго і пачаць перамовы.
Прыблізна а 20:30 вёска Аўневі, якая знаходзіцца пад кантролем ураду, трапляе пад мінамётны агонь сепаратыстаў, які вядзецца з боку Хетагурава.
Старшыня сепаратысцкай Рады бяспекі Анатолій Баранкевіч (кадравы афіцэр расійскага войска, які чатыры гады праслужыў на пасадзе першага намесніка вайсковага камісара ў Чачэніі), распавядае мясцоваму тэлебачанню пра тое, што групы ўзброеных казакаў накіраваны да Паўднёвай Асеціі дзеля “змагання супраць грузінскіх сіл.”
А 22:30 з боку Цхінвалі і гары Тлякана сепаратысты адкрываюць агонь па вёсках Прысі і Тамарашэні, якія кантралююцца ўрадам, у выніку чаго раненні атрымліваюць мірныя жыхары.
А 23:30 сепаратысты адкрываюць моцны агонь па ўсіх пазіцыях грузінскіх міратворцаў вакол Цхінвалі, у тым ліку ў вёсках Тамарашэні і Курта; разбураны паліцэйскі ўчастак у вёсцы Курта.
А 23:30 грузінскі ўрад атрымлівае шматлікія паведамленні разведкі аб тым, што каля 150 бронемашын і армейскіх грузавікоў з расійскімі жаўнерамі набліжаюцца да Роцкага тунэлю з боку Расіі і рухаюцца ў накірунку Цхінвалі. Шматлікія радыёперахопы перамоваў паміж супрацоўнікамі сепаратысцкіх вайсковых структураў і службаў бяспекі, якія адбываліся прыблізна а 3 гадзіне, пацвярджаюць, што калоны расцягнуліся ад Рокі да Джавы. (СігПер)*.
А 23:50 упершыню і ў адказ на ўваход расійскіх узброеных сіл на суверэнную грузінскую тэрыторыю грузінскія ўзброеныя сілы ўступаюць у баявыя дзеянні з выкарыстаннем бранетэхнікі, у тым ліку - танкаў, 122-мм гаўбіцаў і 203-мм самаходных артылерыйскіх сістэм Дана.
Прыблізна а 00:45 8 жніўня грузінскія сілы адкрылі артылерыйскі агонь па расійскіх сілах, якія ўварваліся на тэрыторыю Грузіі, на дарозе, якой карысталася расійская калона, што ўжо рухалася на поўдзень ад Роцкага тунэлю.
Пасля расійскага паўнамаштабнага ўварвання: з 8 жніўня і да цяперашняга часу
За межамі Цхінвалі
8 жніўня, пасля прасоўвання ў зону паўднёваасецінскага канфлікту, грузінскія ўзброеныя сілы за перыяд у пяць гадзін ўсталявалі кантроль па-над значнай колькасцю вёсак вакол Цхінвалі (Цынагара, Орчосані, Дыдмуха, Мугуці, Громі, Дменісі і Арцэві). Падчас баявых дзеянняў грузінскія ўзброеныя сілы сутыкнуліся з значнымі расійскімі сіламі і міліцейскімі аддзеламі сепаратыстаў на абвадной дарозе Зары, якая вядзе да паўночна-усходняй частцы Цхінвалі і вёсцы Хетагурава. Гэтыя сілы былі знанчна ўзмоцнены сучаснымі артылерыйскімі сістэмамі, бранемашынамі і самаходнай артылерыяй. У адказ, грузінская артылерыя абстраляла іхнія пазіцыі. Грузінскія артылерыя і авіяцыя правялі кропкавыя атакі на Гупцкі мост, па якім калоны расійскіх узброеных сіл уваходзілі ў Цхінвалі.
Наваколлі Цхінвалі і ў Цхінвалі
Цхінвалі - гэта маленькі рэгіянальны горад, які знаходзіцца ў рачной даліне, прыблізна ў 75 км ад Тбілісі. Непасрэдна перад канфліктам насельніцтва, па ацэнках і справаздачах мясцовай разведкі, складала 7,000 жыхароў. У выніку масавай эвакуацыі 3-5 жніўня колькасць жыхароў значна паменшылася.
Шэраг грузінскіх пазіцый падвергліся атакам з кропак, размешчаных у наваколлях гораду, асабліва з боку Верхняга Гарадку (месца дыслакацыі расійскіх “міратворцаў” у ненаселенай паўднёва-заходняй частцы гораду). Гэта была першая пазіцыя ў непасрэднай блізкасці ад Цхінвалі, па якой грузінскія сілы нанеслі ўдар з выкарыстаннем шматствольных рэактыўных сістэм ГРАД, пасля неаднаразовых папярэджанняў у адрас расійскіх “міратворцаў”, каб тыя не дазвалялі выкарыстоўваць свае пазіцыі для атак на грузінскія сілы. У хуткім часе пасля гэтага грузінская артылерыя (ізноў з выкарыстаннем ГРАДаў) нанесла удары па складах баепрыпасаў і паліва, размешчаных у паўночна-заходняй частцы гораду - за межамі населеных тэрыторыяў - і вайсковым казармам у паўночна-заходняй частцы Цхінвалі - таксама па-за межамі цывільных зон.
Прыблізна а 11:00, калі грузінскія сілы трымалі пад кантролем вышыні вакол Цхінвалі, сілы міністэрстваў абароны і ўнутраных спраў увайшлі ў горад Цхінвалі. Гэтыя сілы патрапілі пад агонь, які вёўся з пазіцый, размешчаных вакол галоўнага ўрадавага комплексу ў цэнтры Цхінвалі. У адказ грузінскія сілы выкарысталі дакладную артылерыйскую сістэму Дана (а не ГРАД) для агню па міністэрствах абароны, унутраных спраў, разведкі (КДБ) і галоўнага ўрадавага будынку сепаратыстаў.
Расійская авіяцыя безперапынна бамбіла грузінскія пазіцыі ўнутры і вакол Цхінвалі з таго часу, як грузінскія сілы пачалі прасоўванне ў горад. Расійская авіяцыя працягвала бамбіць наваколлі Цхінвалі і сам горад на працягу двух наступных дзён (да канца 10 жніўня).
Прыблізна а 14:00 грузінскія сілы ўзялі пад свой кантроль большую частку Цхінвалі. А 15:00 грузінскія сілы абвесцілі 3-гадзіннае спыненне агню для арганізацыі гуманітарнага калідору.
Грузінскія сілы пачалі паступовы адыход з Цхінвалі ўвечары 9 жніўня. Войскі перанеслі свае пазіцыі на поўдзень ад гораду.
Па інфармацыі з міжнародных праваабарончых арганізацый, напрацягу двух дзён, калі грузінскія ўзброеныя сілы кантралявалі вёскі, якія раней знаходзіліся пад кантролем сепаратыстаў, (з 8 жніўня) не паступала надзейных пасведчанняў аб выпадках марадзёрства ці жорскага абыходжання з цывільным насельніцтвам. Этнічнае асецінскае насельніцтва ў зоне канфлікту не перамяшчалася, у адрозненні ад грузінскага насельніцтва падчас расійскай акупацыі. Адзінай вёскай, якая была моцна пашкоджана, з’явілася вёска Хетагурава з-за размяшчэння вакол вёскі значнай колькасці вайсковай амуніцыі і войскаў. Пасля таго, як урадавыя сілы захапілі Хетагурава, не было жорскага ці зняважлівага абыходжання з мірным насельніцтвам, і гэта дакументальна зафіксавана праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch (Дадатак 11).
Працяг на сайце Expertby.org

