Рэкляма ў падкастах

Прэзентую вашай увазе артыкул, які я напісаў яшчэ ў чэрвэні 2008 года як даклад ва ўнівэрсітэт, пра тое, што такое падкастынг, падкаст-тэрмінал і падкаст. Падкастынг у замежжы й Беларусі. Асаблівасьці падкастаў пры разгляданьні іх як рэклямнага носьбіта.

Пасьля канфэрэнцыі DI.by, я ўзгадаў пра гэты матэрыял. Ён можа ўжо й ня так актуальны, але ж навошта яму ўвесь час, пакуль я яго ня выдалю, ляжаць на паслугачах Google Docs? ;-) Таму, чакаю вашых камэнтараў!

Што такое падкастынг, падкаст-тэрмінал і падкаст?

Тэрмін быў упершыню ўведзены ва ўжытак ві-джэем Адамам Кэры (VJ Adam Curry) з музычнага каналу MTV, і зьяўляецца складзеным з дзьвюх частак словам: ад назвы iPod (вядомага mp3-плэера кампаніі Apple) ды ангельскага слова broadcasting (шырокавяшчаньне). З дапамогай гэтай тэхналёгіі кожны карыстальнік вэб, фактычна, можа адчыніць сваю радыёстанцыю ў сеціве.

Падкастынг - гэта спосаб публікацыі мэдыя-струмені (гукавой або відэя) у сеціве (звычайна ў фармаце MP3), анансаваньне якой дазваляе аўтаматызаваць загрузку новых выпускаў на mp3-плэер ці іншы партатыўны прайгравальнік (напрыклад, далікажак). З гэтага вынікае, што мэтавая аўдыторыя падкастынгаў - карыстальнікі персанальных кампутараў, якія маюць выхад у сеціва й маюць партатыўныя прыстасаваньні для прайграваньня гука. Падкастынг - гэта карысная альтэрнатыва радыё ды тэлебачаньню, паколькі не патрабуе ліцэнзаваньне частот і даступны ў любы зручны для слухача момант. На сёньняшні дзень некаторыя радыё і тэлестанцыі публікуюць свае падкасты (Свабода, Нямецкая Хваля, НТВ).

Вышэй было згадана пра анансаваньне, а лепшая аўтаматызацыя будзе тады, калі падкаст-слухач ўсталюе зручнае для яго праграмнае забясьпячэньне, (для аперацыйнай сыстэмы на базе GNU/Linux - Juice, BMPx, Amarok і іншыя, для аперацыйнай сыстэмы Windows - Jucie, Ziepod і г.д), якое будзе перыядычна запытваць паслугач падкаст-тэрмінала аб новых гуказапісаў, якія потым або адразу й сьцягваюцца на кампутар або партатыўны плэер, або па жаданьню карыстальніка, будуць сьцягвацца пазьней, калі гэта будзе зручна карыстальніку пэрсанальнага кампутара.

Пад падкаст-тэрміналам разумеюць пэўнае сховішча падкастаў, якое аўтаматызуе разьмяшчэньне запісаў і падпіску на абнаўленьне (праз RSS-стужку). Падкастам жа завецца або асобны файл-гуказапіс, або рэгулярна аднаўляемая серыя такіх файлаў, публікуемыя па аднаму адрасу ў сеціве.

Падкастынг у замежжы

Амерыканскія дасьледчыкі - Arbitron ды eMarketer незалежна адзін ад аднаго падлічылі амерыканскую аўдыторыю слухачоў падкастаў, на 2008 год гэтая лічба склала прыкладна 25-27 мільёнаў чалавек, на будучае гэтая лічба можа ўзрасьці ўдвая ў 2010 годзе. Асобна, eMarketer падлічыла колькасьць выдаткаў на рэкляму ў падкастах, так за 2007 год яны склалі 80 мільёнаў даляраў, верагодная лічба на 2010 год - 300 мільёнаў даляраў.

Між іншым, цалкам справаздачу апошняга дасьледчыка можна замовіць па электроннай пошце або звычайнай пошце з дапамогай FedEx сэрвісу за 695 даляраў, што падусьведамляе сур’ёзны ды перспектыўны накірунак для рэклямшчыкаў. Аб пэрспектыўнасьці падкастаў можа сьведчыць наступнае - 87 адсоткаў інтэрнэт-карыстальнікаў пакуль ня ведаюць увогуле, што такое падкаст.

Падкастынг у Беларусі

Што датычыцца Беларусі, дык тут усё даволі сумна. Па назіраньнях, ўсё, што зьвязана з сецівам у Беларусі значна адстае, гадоў на 5-6 ад заходніх краін. Адносна падкастаў, па майму ўласнаму мяркаваньню, самае цікавае, што іх адсутнасьць зьвязана ня з тым, што няма тэхнічных сродкаў кшталту падкаст-тэрміналаў, а з тым, што адсутнічае ўвогуле цікавасьць да падкастаў. Так, у Беларусі працаваў падкаст-тэрмінал - podcasting.by, але працаваў няшмат часу, бо ня быў запатрабаваны.

Але было б глупствам казаць, што беларускіх падкастаў няма - яны ёсьць, але з боку рэклямшчыкаў яны дарэмныя выбыткі, бо яшчэ не сфармавана аўдыторыя беларускіх падкаст-слухачоў.

Асаблівасьці падкастаў

Пад асаблівасьцямі я разглядаю парады Грэгара Галанта, уладальніка і кіроўцы кампаніі RadioTail, якая спэцыялізуецца на рэкляме ў падкастах.

  • Прытрымлівацца невялічкіх па часу рэклямных паведамленьняў

Дасьледчыкі падкаст-слухачоў вызначылі, што лепей за ўсё выкарыстоўваць 15 секундныя рэклямныя паведамленьні, бо менавіта такія па часу паведамленьні значна памяньшаюць стымул слухачоў да пераключэньня сваіх плэераў ў рэжым хуткага прайграваньня. Дый потым, сьцісласьць - сястра таленту. А калі неабходна ўсё ж такі 60 секунд, каб распавесьці пра перавагі рэклямуемага прадукта, дык лепей выкарыстаць для гэтага чатыры 15-секундныя кавалачкі на працягу ўсяго падкасту.

  • Здольнасьць да творчасьці

Нават калі слухачы не пратэстуюць супраць кароткіх, створаных з густам паведамленьняў, яны ўсё ж такі будуць супраць таго, каб слухаць адзінае кароткае паведамленьне шмат разоў. Таму стварайце як мага больш непадобных адно на другое паведамленьні, каб не стаміць слухача аднымі й тымі ж паведамленьнямі.

  • Недаацэнка аўдыторыі - “што для радыё добра, для падкасту сьмерць”.

Пачну з прыкладу - адзін вядомы пастаўшчык інтэрнэт-паслуг даў рэклямнае паведамленьне ў некаторых падкастах, якія спэцыялізаваліся на тэхналёгіях і чыі слухачы дасканала ведалі такія паняцьці як RSS, свабоднае ПЗ ды сецявы нейтралітэт. У гэтым паведамленьні было вельмі падрабязна распаведзена пра паслугі, якія прадастаўляе гэты пастаўшчык, аднак вось гэтая падрабязнасьць была расцэнена падкаст-слухачамі як зьдзек кшталту таго, што яны малыя дзеці. Відавочна, што гэтае паведамленьне было накіравана на агульную аўдыторыю - як і робяць у радыёіндустрыі, бо агульная аўдыторыя мала што ведае аб новых тэхналёгіях, і таму даволі зразумела пазыцыя рэклямшчыка, які ў рэклямным тэксьце падрабязна распісаў усе працэсы.

Гаворачы пра падкасты, мы павінны памятаць, што падкасты сьцягваюцца па жаданьню, і таму выпадковы чалавек наўрадце будзе сьцягваць падкаст пра тое, аб чым ён мала ведае ўвогуле. І яшчэ адзін прыклад - Nikon Coolpix Camera добра ведаючы, якая аўдыторыя пачуе яе рэкляму ў падкастах, анансавала сваю фотакамеру, хуценька зазначыўшы, што перадача фотаздымкаў праходзіць па радыёчастотах. - Рэкляма мела посьпех!

  • Адкуль пачаць?

Рэклямныя паведамленьні, разьмешчанныя ў падкасьце перад пачаткам запісу слухачам вельмі не падабаюцца, й таму яны нават ня слухаюць далей сам падкаст. З-за гэтага шмат якія падкаст-прадзюсары адмаўляюцца ад такой рэклямы. Акрамя гэтага, такі падыход пагражае іміджу рэклямадацеля, бо падкаст-слухачы верагодней за ўсё яшчэ не пасьпелі пакласьці свой плэер у кішэнь, таму з лёгкасьцю могуць паскорыць прайграваньне, каб прапусьціць недарэчна разьмешчаны рэклямны ролік.

  • Заасяродзьце ўвагу на кантэнце, а не на слухачах

Параўноўваючы радыё ды падкасты, даволі лёгка зьвярнуць увагу на тое, што калі для радыё ўвагу слухача неабходна увесь час “заваёўваць”, дык для падкасту гэтае ня вельмі актуальна з-за таго, што слухач падкастаў ужо падпісаўся ды пачаў сьцягваць падкасты, іншымі словамі, яго ўжо цікавіць тэматыка.

Дзякуй за ўвагу!




Калі ласка, пакіньце камэнтар!